БАЛЬЗА́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія ўтвараюць бальзамы. Найб. вядомыя ў тропіках і субтропіках (т.зв. «бальзамныя» дрэвы, радзей кусты). «Бальзамным» дрэвам называюць паўднёваамер. віды з роду Myroxylon сям. бабовых (Myroxylon balsamum, Myroxylon pereira), якія даюць талуанскі і перуанскі бальзамы. З некаторых відаў роду Copaifera таго ж сямейства атрымліваюць капайскі бальзам. Многія бальзамныя расліны вядомы сярод прадстаўнікоў сям. бурзэравых, клюзіевых, ці святаяннікавых, дыптэракарпавых і інш. Да бальзамных раслін належаць некаторыя дрэвы і кусты ўмераных і паўн. шырот, якія даюць жывіцу, — хвоя, елка, ядловец, піхта, лістоўніца, кедр і інш. На Беларусі бальзамныя расліны — хвоя, елка, ядловец і інш.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)